Спецыяльна прызначаныя афіцэры праводзяць сустрэчу з жыхарамі памежных з Беларуссю раёнаў, у тым ліку з солтысамі (кіраўнікі вёсак — рэд.), і інфармуюць іх пра Шчыт «Усход». Вайскоўцы таксама звяртаюцца з заклікам паведамляць пра нетыповыя здарэнні альбо выпадкі, паведаміў прэс-афіцэр спецаперацыі «Бяспечнае Падляшша» падпалкоўнік Каміль Далэнзка.
- У нашай структуры ёсць афіцэры, задача якіх — утрыманне кантактаў з мясцовым насельніцтвам. У прыватнасці, падчас размоў з жыхарамі і солтысамі яны інфармуюць пра пагрозы, звязаныя з нелегальнай міграцыяй, а таксама просяць паведамляць пра нетыповыя выпадкі.
Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі ў сваю чаргу звяртае ўвагу на неабходнасць супрацьдзеяння дэзінфармацыі і фэйкам.
- Галоўнае — гэта тое, каб мы не траплялі пад уплыў расійскай і беларускай прапаганды, якая, спрабуючы дэстабілізаваць грамадства, распаўсюджвае вялікую колькасць фэйкаў. Каб не даць ходу іх прапагандзе, грамадства неабходна інфармаваць. І таму ў кампанію падключылася армія для таго, каб падчас сустрэч з людзьмі і мясцовымі ўладамі адкрыта расказваць пра будаўніцтва Шчыта «Усход».
Пастанова аб стварэнні Нацыянальнай праграмы стрымлівання і абароны Шчыт «Усход» (Tarcza Wschód), на рэалізацыю якой у 2024-28 гадах прадугледжана 10 млрд злотых (каля 2 млрд 130 млн еўра), была прынятая Саветам міністраў Польшчы ў чэрвені мінулага года. Паводле польскага ўраду, Польшча мае намер стварыць абаронную інфраструктуру на ўсходнім флангу НАТА для супрацьдзеяння пагрозам з боку Беларусі і Расіі.
Будаўніцтва шчыта ўжо пачалося на мяжы з Беларуссю.
вс